і рэчах, прыродных з'явах і жывых істотах. Іх назвы гавораць
самі за сябе: «Камяні», «Зброя», «Сякера», «Стол», «Цвік», «Барана», «Птах», «Маланка», «Завея», «Змеі», «Лесвіца», «Студня», «Дрэвы», «Ланцуг» і інш. Праз матэрыяльнае паэт імкнецца раскрыць штосьці новае: і ўласна пра рэчы-прадметы, і пра навакольную прыроду, і пра быццё чалавека, які іх успрымае. Паэт, гаворачы пра рэчы, шукае важныя сэнсы, пэўныя аналогіі, параўнанні. Так, парог, які «ўрос у зямлю», выклікае ў паэта цэлае кола асацыяцый. Ён увасабляе падзел розных часоў, прымушае задумацца чалавека, хто ён такі на гэтым свеце. «Мінулае тоіцца ў змроку, будучыня — у светлыні», — падагульняе аўтар у вершаказе «Парог».
У зборніках А. Разанава апошніх дзесяцігоддзяў «Вастрыё стралы», «У горадзе валадарыць Рагвалод», «Паляванне ў райскай даліне», «Рэчаіснасць», «Гановерскія пункціры» творчыя пошукі адбываюцца пераважна ў сферы самой беларускай мовы. Паэт адкрывае багацце яе лексічных, музычных, сэнсавых магчымасцей і дэманструе амаль у кожным новым творы ідэю вобразнай невычэрпнасці нацыянальнай моўнай стыхіі. Любое слова, паняцце, назва прадмета, з явы у навакольным свеце поўняцца для паэта асаблівым сэнсам і зместам (вершаказы «Вуліца», «Бор», «Рэчка і возера», «Маланка і гром», «Гліна», «Срэбра і золата» і інш.) Ва ўладзе паэтавай думкі паставіць побач словы, рэчы, прадметы, раскіданыя ў часе і прасторы. Але самая вялікая загадка пры гэтым для паэта застаецца — жыццё і чалавек. Сэнс жыцця, сцвярджае Алесь Разанаў, у самім жыцці, у няспынным пошуку ісціны.
У далёкую мінуўшчыну, ажно ў біблейскія часы, выпраўляецца лірычны герой паэмы А. Разанава «Гліна». У вершах «Рагнеда», «Стары горад», паэтычнай кнізе «У горадзе валадарыць Рагвалод», паэме «Усяслаў Чарадзей» А. Разанаў аддае даніну захаплення старажытнаму Полацку, у вобразе і гісторыі якога бачыць увасабленне спрадвечнага беларускага шляху.
Паэта цікавіць існаванне ў вялікім агульначалавечым свеце і загадкавым свеце нацыянальнай гісторыі. Алесь Разанаў вынаходлівы і дасціпны як у змесце, так і ў форме. Ён істотна пашырыў жанравыя межы сучаснай філасофскай паэзіі. А. Разанаў выказваецца ў сціслай форме квантэм, пункціраў, версэтаў, вершаказаў, зномаў. Яго паэтычныя тэксты часам нагадваюць фрагменты старажытных манускрыптаў без пачатку і без канца, спасціжэнне сэнсу якіх вымагае напружанай працы інтэлекту і фантазіі, здольнасці да самастойнай інтэрпрэтацыі.
Перакладае з літоўскай, латышскай, грузінскай, балгарскай, сербскахарвацкай, чэшскай, англійскай моў. Пераклаў кнігу К. Саі для дзяцей «Гэй, хавайцеся!» (1982), п'есу У. Шэкспіра «Сон у летнюю ноч» (аўт. «Сон у Іванаву ноч» у зборніку «Тры камедыі», 1989), раман Ё. Авіжуса «Час, калі пусцеюць сядзібы» (1989), выбраную паэзію У. Бэрзыньша (2013). Склаў кнігу паэзіі Я. Купалы «Выйду з сэрцам, як з паходняй!..» (1982). Выдаў па-нямецку зборнік «Wortdichte» (2003).
Творчаць